ЧАСО́ВЫ РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т ЗАХО́ДНЯГА ФРО́НТУ (ЧРК ЗФ),

грамадска-палітычная арг-цыя ў жніўні—верасні 1917, створаная для аховы парадку і прадухілення магчымых выступленняў у падтрымку Карнілава мяцяжу 1917. Створаны з членаў Выканаўчага к-та Зах. фронту (Выкамзаха), прадстаўнікоў Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Савета сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ., Мінскай гар. думы. Пачаў фарміравацца ў ноч на 10.9.1917 на пасяджэнні членаў Выкамзаха (33 чал.) пры ўдзеле франтавога камісара У.​В.​Жданава пасля абмеркавання атрыманай ад міністра-старшыні Часовага ўрада А.​Ф.​Керанскага тэлеграмы пра яго канфлікт з «былым вярхоўным галоўнакамандуючым Карнілавым» і просьбай аб падтрымцы законнай улады. У выніку на пасяджэнні прынята каля 15 пастаноў, скіраваных на мабілізацыю сіл і сродкаў для барацьбы з мяцежнікамі на фронце і ў тыле, найперш у Мінску. На 2-м пасяджэнні Выкамзаха створаны агульны рабочы орган — ЧРК ЗФ, які сканцэнтраваў у сваіх руках дзейнасць асн. грамадска-паліт. арг-цый фронту. Агульнае кіраўніцтва к-там ажыццяўляў Жданаў. Адначасова к-т папоўніўся прадстаўнікамі Савета рабочых і салдацкіх (Н.​Д.​Зальманаў, К.​І.​Ландар, Р.​Л.​Хасін) і Савета сял. дэпутатаў (І.​П.​Несцераў і А.​І.​Главінскі). Кіраўніком к-та выбраны старшыня Выкамзаха Кажэўнікаў, яго нам. — Ландар. З 10 членаў ЧРК ЗФ 7 былі эсэры, 1 бальшавік, 1 бундавец. З мэтай прадухіліць выкарыстанне Л.Г.Карнілавым салдат Зах. фронту для барацьбы супраць Часовага ўрада к-т перапыніў сувязь карнілаўскіх войск са Стаўкай у Магілёве; на ўсе вузлавыя чыг. станцыі Мінскай ваен. акругі накіраваны ўпаўнаважаныя камісара фронту з правамі кантролю за перасоўваннем войск. К-т выдаў распараджэнне аб арышце асоб, якія вялі пагромную ці контррэв. агітацыю. За час дзейнасці к-та ў Мінску і яго ваколіцах не адбылося ні аднаго выпадку контррэв. ці паліт. акцыі, скіраваных на дэстабілізацыю становішча. Апошняй акцыяй ЧРК ЗФ стала паездка яго прадстаўнікоў разам з ваен. камісарам фронту, ваен. пракурорам і следчай камісіяй у Магілёў 14.9.1917 пасля арышту Карнілава. 14 вер. новы вярх. галоўнакамандуючы Керанскі загадам прадпісаў Жданаву спыніць дзейнасць ЧРК ЗФ. 15 вер. нарада ўсіх прадстаўнікоў ЧРК ЗФ, напэўна, выказалася за спыненне дзейнасці к-та, бо 22 вер. на пасяджэнні Мінскай гар. думы яе старшыня Вайнштэйн абвясціў пра скасаванне ЧРК ЗФ.

Літ.:

Сяменчык М.Я. Грамадска-палітычнае жыццё ў Мінску (сакавік—красавік 1917 г.). Мн., 1994.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 17, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)